У жыцці кожнаму калі-небудзь здараецца ўсміхнуцца незнаёмаму чалавеку. І ў адказ часцей за ўсё таксама ззяе шчырая ўсмешка. Маленькі прамень нябеснай радасці ўзнікае між душамі.
Езус сказаў сваім вучням: Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якою мераю мерыце, такою і вам адмераць. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, — калі ў тваім воку бервяно? Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго.
Часам мне даводзіцца бачыць, як хтосьці грашыць. Можна асудзіць грэх і ўказаць чалавеку на разбуральны характар яго паводзін. Але варта памятаць, што я ніколі цалкам не зразумею, чаму хтосьці грашыць. Я не ведаю ўсёй гісторыі гэтага чалавечага сэрца, не ведаю яго ран і шнараў, незлічоных фактараў, якія маглі прывесці да такога выбару. Толькі Бог можа зразумець бясконцую глыбіню іншага чалавека.
«Не судзіце». Калі-нікалі мы ахвотна асуджаем іншых: гэта ж так проста, так лёгка прыкмеціць недахопы другога чалавека і адчуць сябе лепшым за яго. Тым не менш, засяроджванне на чужых заганах часта можа адцягваць мяне ад заган уласных. Людзі схільныя заўважаць у іншых тое, у чым і самі маюць віну.
Езус абяцае, што «мерай, якой вы мераеце, будзе адмерана і вам». Калі б сёння скончыўся мой жыццёвы шлях і я стаў перад тронам Пана, якую «меру» Ён бы скарыстаў для мяне?
Што можа дапамагчы мне лепш разумець таго, хто з'яўляецца прычынай майго смутку ці раздражнення?
Чалавечае жыццё нядоўгае, варта ўсведамляць сабе важнасць кожнага дня як моманту для ўзрастання ў святасці. Божа, дай ласку плённа пражываць кожны падораны мне дзень. Дапамажы мне заўважыць, дзе схаваныя мае найгоршыя недахопы. Пане, дазволь заўсёды памятаць, што найлепшы спосаб пазбавіцца ад дрэннай звычкі – сфарміраваць добрую.
кс. Кірыл