Мы дзелімся з іншымі тым, пра што разважалі ў малітве, тады, калі Хрыстус прамаўляе да нас, адкрывае сваю любоў і паказвае праўду. Ці з'яўляюся я святлом для тых, хто мяне атачае?
Езус сказаў сваім Апосталам: Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах.
Усе вучні Хрыста цягам доўгай гісторыі чалавецтва часам адчуваюць страх і няўпэўненасць. Таму Ён тлумачыць, як з гэтым змагацца. Ён кажа нам не скарацца гэтаму страху, ніколі не паддавацца спакусе расчаравання па адной вельмі простай прычыне: аб нас рупна клапоціцца Нябесны Айцец. Нішто ў свеце не адбываецца без Яго ведама і дазволу, нават такія, здавалася б, нязначныя дзеянні маленькіх вераб'ёў.
«Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго і Я вызнаю перад Айцом Маім Нябесным». Езус заклікае нас быць Яго сведкамі, верыць у тое, што Ён аб'явіў нам і будаваць Яго Валадарства, а не толькі мімалётныя каралеўствы гэтага свету. Мы – Яго місіянеры, Яго пасланцы.
Абсалютна ўсё ў нашым жыцці мае значэння для Пана. Наколькі цвёрда я веру ў гэтую праўду пра Бога і Яго цікавасць да майго жыцця? Які ўплыў гэта аказвае на тое, як я рэагую, калі адчуваю страх і няўпэўненасць?
У мяне ёсць выдатная магчымасць праслаўляць Бога, мужна давяраючы Яму, адкінуўшы прэч усе свае страхі. Наколькі смелы я хрысціянін? Якім чынам Езус запрашае мяне абвяшчаць Евангелле з дахаў?
Пане, я ведаю, што апошняе слова за Табой. Ты – Валадар жыцця і гісторыі. Дапамажы мне не баяцца будаваць вакол сябе Тваё Валадарства. Сёння я разумею, што маё жаданне расказаць свету пра Цябе – гэта Твая ласка. Няхай ува мне заўжды жыве думка, што з Табой я магу прынесці плён, які будзе трываць вечна.
кс. Кірыл Бардонаў