Жыццё чалавека мітусліва імчыць наперад. Якая карысць будзе для мяне, калі я ў клопатах пра гэты свет страчу найважнейшае: сваё шчасце ў Божым Валадарстве?
Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.Таму кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не нашмат лепшыя за іх? Ды і хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць? І пра вопратку навошта клапоціцеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя! Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
Турботы пра матэрыяльныя патрэбы паўсядзённага жыцця прымушаюць нас губляць з поля зроку тое, што насамрэч важна: імкненне да святасці, да ўвасаблення Божага Валадарства ў нашым жыцці і жыцці тых, хто нас атачае. Хрыстус бачыць рэальную праблему нашых трывог: недахоп веры. У нас мала веры і яшчэ менш даверу да дабрыні Нябеснага Айца.
Мамона з арамейскай мовы азначае «багацце» або «маёмасць». Прыхільнікі мамоны служаць багаццю, уладзе і сацыяльнаму статусу. Гэтая адданасць можа прынесці свецкія прывілеі і прэстыж, але наўзамен штурхне ў пастку цяжкага падтрымання гэтага стану ці ў страх, што ўсё будзе страчана.
Святы Ян Павел ІІ вучыў, што цяпер так званая «якасць жыцця» інтэрпрэтуецца ў першую чаргу або выключна як эканамічная эфектыўнасць, празмернае спажыванне, задавальненні і забавы, а глыбейшыя вымярэнні быцця – міжасобасныя, духоўныя і рэлігійныя, – забываюцца (гл. Centesimus annus, п. 36).
Мы пакліканыя славіць Бога за вялікі дар стварэння свету, верыць Ягоным абяцанням, што Ён забяспечыць нас усім неабходным, і ўпэўнена і смела служыць Яму як распарадчыкі стварэння. Як я стаўлюся да таго, што створана Богам? Ці раблю ўсё магчымае, каб з пашанай і розумам распараджацца тым, што мне даверана?
Як я магу абнавіць свой дух, каб бачыць, што кожны момант майго жыцця з'яўляецца часткай Божага Провіду?
Чалавек служыць таму, у што ўкладае сваё сэрца, розум і намаганні. Божа, я хачу пакінуць за плячыма ўсё, што замінае ставіць Цябе на першае месца. Разумею, што гэта будзе няпроста, але хачу авалодаць сабой дзеля Цябе. Дапамажы мне заўсёды мець Цябе перадусім, найважнейшым, каб я мог шчыра імкнуцца да Нябеснага Валадарства.
кс. Кірыл Бардонаў