Што для мяне з’яўляецца найдаражэйшым? Ці цалкам у маім жыцці валадарыць Бог, або можа ёсць месцы, якія ад Бога хаваю?
Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё будзе дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
Езус запрашае нас збіраць надзейныя і трывалыя скарбы ў небе праз праведнае жыццё тут, на зямлі, праз выкананне Божай волі і дзяленне сваімі дарамі з тымі, хто мае патрэбу. Для тлумачэння Езус выкарыстоўвае дзве метафары: адна паказвае марнасць тленных скарбаў гэтага свету, а другая паказвае цемру, выкліканую ганарыстасцю і перадузятасцю.
Святы Тамаш Аквінскі казаў: «Вока адносіцца да матыву. Калі чалавек хоча нешта зрабіць, ён спачатку фарміруе намер: такім чынам, калі ваш намер здаровы – просты і ясны, гэта значыць, калі ён накіраваны да Бога, усё вашае цела, усе вашыя дзеянні, будуць здаровымі, шчыра накіраванымі да дабра».
Я люблю Езуса і заўсёды імкнуся выконваць Яго волю, але час ад часу станаўлюся ахвярай дробных ідалаў. Калі я адчуваю празмерную прывязанасць да чагосьці, ці прашу Бога праз Духа Святога дапамагчы вярнуцца на правільны шлях, да Хрыста – сапраўднага нябеснага скарбу?
Калі звярнуць свае думкі да неба і старацца разглядаць жыццё з перспектывы вечнасці, то я ўсведамляю вечны прыбытак: месца побач з Богам у Нябесным Валадарстве. Што паспрыяе мне жыць поўным жыццём, маючы вечнасць перад вачыма?
Пане, маё сэрца поўніцца ўдзячнасцю за часовыя і духоўныя дары, якія шчодра ўдзяляеш мне штодня. Няхай Твая ласка сцеражэ мяне рабіць ідалаў з Тваіх дароў. Дапамажы памятаць, што Даўца непараўнана большы агулам за ўсе дары, якія я атрымаў!
кс. Кірыл Бардонаў