Малітва – гэта спосаб адносін чалавека з Богам. Як распазнаць, што мая малітва добрая? Ці думаў я калі-небудзь, што малітва – гэта барацьба?
Езус сказаў сваім вучням: Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
Хоць Нябесны Айцец наперад ведае ўсе нашыя патрэбы, мы ўсё адно прадстаўляем іх у форме малітвы. Падчас яе Бог падрыхтоўвае нашыя сэрца і душу да прыняцця дабротаў, якія Ён жадае ўдзяліць. Малітва «Ойча наш» у некалькіх фразах падсумоўвае ўсё, пра што чалавеку варта прасіць Бога, і складаецца яна з сямі просьбаў: тры звязаныя з Божай хвалой, чатыры – з патрэбамі людзей.
«Маліцца словамі “Ойча наш” – значыць маліцца з усімі людзьмі і за ўсё чалавецтва, каб усе пазналі адзінага і сапраўднага Бога і былі сабраныя ў адно», – напісана ў Кампендыі (582). Калі я называю Бога сваім Айцом, то пакліканы памятаць, што ўсе людзі – Ягоныя дзеці і патрабуюць маёй малітвы.
Падчас малітвы «Ойча наш» на святой Імшы святар узнімае рукі ад імя ўсіх сабраных. Так Бог бачыць сваіх дзяцей, што працягваюць рукі да Яго. Варта толькі дазволіць – і Ён наблізіцца і застанецца побач, пакуль не прыйдзе чаканае суцяшэнне. Калі я маліўся аб збаўленні ўсіх людзей?
Што можа дапамагчы мне памятаць пра Божую прысутнасць і поўны любові позірк Айца падчас малітвы і сярод штодзённых спраў? Каго я насамрэч слухаю на малітве: Езуса ці сябе?
Пане Езу, я хачу маліцца так, як гэта робіш Ты, прашу, навучы мяне. Прагну праз малітву далучыцца да Тваёй збаўчай місіі. Дай мне ласку штораз прамаўляць «Ойча наш» уважліва і асэнсавана, каб маліцца праз Цябе, з Табой і ў Табе.
кс. Кірыл Бардонаў