Як часта я задумваюся пра чысціню сваіх намераў? Ці не бываю павярхоўным?
Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказацца, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Міласціна, малітва і пост – найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі. Гэтыя тры дзеянні называе сёння Езус і перасцерагае нас рабіць іх толькі дзеля таго, каб заслужыць адабрэнне і захапленне атачэння. Ён заклікае жыць сваім жыццём перад Богам і засяродзіцца менавіта на тым, што падумае пра нашыя ўчынкі Ён, а не іншыя людзі.
Калі Езус кажа, што Нябесны Айцец «бачыць схаванае», то мае на ўвазе, што Бог не толькі глядзіць на нас з дабрынёй і любоўю, але таксама знаходзіцца вельмі блізка. Яго прысутнасць не падобная на прысутнасць іншых, яна ўспрымаецца праз веру – веру, што я ніколі не застаюся адзін.
Святы Ян Залатавусны падкрэсліваў выключную важнасць чыстых намераў: «Калі ты раздасі хоць бы тысячы талентаў з гонарам, напышлівасцю і ганарыстасцю, то згубіш усё, падобна як фарысей, які аддаваў дзясятую частку са сваёй маёмасці, але ўзвышаўся і ганарыўся гэтым, выйшаў са святыні, згубіўшы ўсё».
Сёння Езус заклікае шчыра паразважаць над сапраўднымі матывамі майго жыцця, бо яны могуць як дапамагчы, так і перашкодзіць пошукам сэнсу і ўнутранага спакою. Як моцна на мяне ўплываюць страхі перад тым, што могуць падумаць іншыя людзі?
Якое стаўленне ў мяне да Бога, свайго Айца? Як Езус запрашае мяне ставіцца да Яго?
Справы міласэрнасці, духоўныя практыкі і малітвы, калі яны не сканцэнтраваны на Богу і не ахвяраваны Яму, становяцца не больш чым задавальненнем уласнай пыхі. Божа, дапамажы заўсёды памятаць, што Ты – крыніца і мэта ўсіх маіх добрых учынкаў.
кс. Кірыл Бардонаў