Бог заклікае ўсіх людзей да дасканаласці. Што азначае «дасканаласць» для мяне? Чаму Бог патрабуе яе ад слабых людзей, ад грэшнікаў?
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
«Любіце ворагаў вашых». Такія простыя словы Хрыста – і які глыбокі, складаны сэнс. Строга, нават радыкальна гучыць гэтае патрабаванне Езуса: любіць тых, хто, здавалася, гэтага ніяк не варты… Але менавіта такой любоўю палымнее да мяне Бог Айцец незалежна ад маіх учынкаў, думак і пачуццяў. Ён працягвае любіць і выліваць свае дары, нават калі Яго не любяць у адказ.
Калі Езус заклікае «быць дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны», Ён не патрабуе нейкім дзівосным чынам стаць бездакорным. Ён заклікае мяне паверыць у любоў, якую Бог мае да ўсіх, і пераймаць яе ў сваім жыцці.
Наўмысная нянавісць — гэта супрацьлегласць любові, кажа Катэхізіс (гл. ККК 2303). Думкі пра помсту, свядомае жаданне зла ці сур'ёзнай шкоды іншаму чалавеку – цяжкі крыж для любой душы.
Як даўно я маліўся за тых, з кім мне цяжка мець стасункі? Ці прасіў Езуса аздаравіць нашыя адносіны?
Любоў да ворагаў – гэта не ўхваленне іх грахоў, а шчырая вера ў тое, што Бог стварыў кожнага чалавека для дабра і прагне адарыць сваёй збаўчай ласкай усіх нас. Ці звяртаю я ўвагу на негатыўныя думкі і стаўленне, якія ўзнікаюць у маіх адносінах з іншымі?
У Божых вачах любы чалавек, наколькі б моцна ён ні збіўся з дарогі, – па-ранейшаму дарагое і любімае дзіця. Пане, дапамажы мне быць заўжды адкрытым на іншага чалавека, каб адчуваць унутраную свабоду.
кс. Кірыл Бардонаў