У кожнага чалавека ёсць хтосьці, каго ён успрымае як ворага. Сёння магу падумаць: каго я называю сваім ворагам? Можа, хачу кагосьці прыцягнуць да адказнасці, каб адчуць справядлівасць?
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.
Я жыву ў свеце, маю свой тэмперамент, характар, а таксама грахі – гэта ўсё уплывае на маё ўспрыманне людзей побач. Можа, часам бачу ў другіх перашкоду ці інструмент. Езус прапануе іншую перспектыву: Ён хоча, каб я заўважыў годнасць і каштоўнасць чалавека, незалежна ад яго грахоў, слабасцяў і недахопаў. Каб навучыўся глядзець на іншых так, як Ён. Тады змагу адкрыць у сабе сапраўдную моц.
Часам заклік Хрыста «не працівіцца злому» можам разумець як адмаўленне ад справядлівасці і змагання за яе. Гэта не так. Быць праведным значыць быць справядлівым і прагнуць справядлівасці. Езус заклікае мяне пакінуць турму крыўды і гневу, куды так лёгка трапіць праз несправядлівае стаўленне іншых.
У цяжкіх сітуацыях важна знайсці сілы на прабачэнне. Пра гэта кажа Катэхізіс: тым часам (і гэта – страшна) струмень міласэрнасці не можа пракрасціся ў нашыя сэрцы, пакуль мы не прабачылі тых, хто нанёс нам крыўду (гл.ККК 2840). Аб такім прабачэнні прашу і я, звяртаючыся да Бога ў малітве «Ойча наш».
Дараваць, плаціць дабром за зло, быць шчодрым на добрыя справы звыш усялякае меры – да гэтага кліча мяне Езус. Ці адчуваю я гэта?
Што мяне зараз раніць больш за ўсё? Ці магу назваць імёны людзей, якія прычынілі мне боль, і папрасіць Божай дапамогі прабачыць ім, як Бог даруе мае правіны?
Я чалавек, звычайны і просты, са сваімі радасцямі і клопатамі, слабасцямі і заганамі. Я не ўсемагутны, але ўва мне б’е бясконцая крыніца Божай моцы, якая дае сілы прабачыць і крочыць далей. Пане, асвятлі кожны куток маёй душы праменнем сваёй велічы, каб я мог з палёгкай уздыхнуць і адчуць сябе сапраўды свабодным ад зла.
кс. Кірыл