Ці не марную той дзівосны план, які Бог мае для мяне? Цi размаўляю з Езусам пра тое, што канкрэтна Ён падрыхтаваў для майго жыцця, і ці гатовы я дзяліцца гэтым з іншымі?
Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё. І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго. Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.
Езус пасылае нас абвяшчаць Божае Валадарства, нават калі мы адчуваем сябе слабымі і бездапаможнымі. Хрыстус кліча нас па той жа прычыне, што і першых Апосталаў: Ён часта выбірае слабых, каб паказаць, што менавіта Ягоная сіла дзейнічае праз нас. У еднасцi з Панам мы прынясём багата пладоў, калі здолеем даверыцца Яму цалкам, асабліва ў хвіліны свайго бяссiлля.
У Святым Пісанні жніво – гэта вобраз апошніх часоў. Яно «вялікае», бо Пан адкрывае сябе ўсім народам. А таксама час жнiва мае вялiзнае значэнне, бо вызначае канчатковы лёс чалавека: збаўленне або вечная пагiбель. Гэта момант фундаментальнага рашэння, якое патрабуе адданых работнiкаў.
Другі Ватыканскі сабор нагадвае, што работнікамі на жніве Пана з’яўляецца не толькі духавенства, але і ўсе вернікі. Кожны ахрышчаны мае «ўзнёслы абавязак» спрыяць таму, каб людзі ва ўсім свеце пазналі і прынялі Божы збаўчы заклік.
Аднак скіраваць увагу іншых на Евангелле можа толькі той, хто сам ім жыве. Абвяшчэнне Хрыста – гэта не толькі навучанне, гэта кожнае нашае слова і дзеянне. Ці разумею я, што сведчанне пра Хрыста – гэта мае штодзённыя ўчынкі?
Наша жыццё можа стаць адзіным «Евангеллем», якое прачытаюць людзі, што жывуць побач. Да каго канкрэтна мяне пасылае Езус сёння, каб я засведчыў пра Яго сваім служэннем?
Першым Работнікам, Які дапамагае людзям прыняць Бога, з’яўляецца сам Езус. Аднак Яго справу працягваюць не толькі біскупы і святары, але і кожны з нас. Будзем жа маліцца Гаспадару жніва, каб Ён паклікаў як мага больш адданых вучняў, здольных несці святло праўды ў гэты свет.
кс. Кірыл Бардонаў