Ці з’яўляюцца мае выказваннi простымі, свабоднымі і надзейнымі? Каму я найбольш давяраю? Ці давяраю я Богу? А ці можна давяраць мне?
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. І няхай будзе слова вашае «так-так», « не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога.
Хрыстус заклікае нас да праўдзівасці. Быць праўдзівым – значыць трымаць слова, нават калі гэта патрабуе намаганняў. Часам людзі абяцаюць тое, чаго зусім не збіраюцца выконваць, альбо маюць добры намер, але не робяць ніводнага кроку да яго рэалізацыі. Нашыя ж «так» і «не» павінны мець такую вагу, каб іншыя маглі на іх спадзявацца без сумневаў.
У сённяшнiм Евангеллi на першы погляд можа здацца, што Хрыстус катэгарычна забараняе любую прысягу. Аднак Яго словы – гэта перш за ўсё заклік да сумленнага жыцця. Мы павінны жыць так, каб сама нашая асоба была гарантам праўдзівасці кожнага сказанага слова.
Важна адзначыць, што Катэхiзiс Каталiцкага Касцёла развiвае вучэнне апостала Паўла i тлумачыць, што словы Езуса не забараняюць прысягу, калі яна складаецца па сур’ёзнай і справядлівай прычыне, напрыклад, у судзе (ККК 2157).
Усё ж Езус перасцерагае: лепш не браць на сябе абяцанняў, на якія няма часу ці сіл, чым згаджацца і пасля рабіць «абы-як» альбо зусім ігнараваць зробленае. Цi магу я цвяроза ацанiць свае магчымасці, каб не даваць пустых абяцанняў?
Нашае «так» павінна быць цвёрдым, а не проста ветлівай формай згоды. Якiя ў мяне абавязацельствы, і ці заўсёды выконваю тое, што паабяцаў?
Пане, Ты поўны ласкі і праўды. Дапамажы нам узрастаць у шчырасці, сумленнасці і вернасці свайму слову. Навучы нас быць людзьмі цвёрдых перакананняў і яснага мыслення, Тваімі рашучымі вучнямі, якія ўмеюць адказваць за свае абяцанні.
кс. Кірыл Бардонаў