Пра што мне гаворыць вобраз сэрца? Што я адчуваю, калі ўспамінаю, што ў Сэрцы Хрыста ёсць любоў да кожнага? Ці веру я ў бясконцую дабрыню і глыбокую зацікаўленасць Хрыста маім жыццём?
У той час, адказваючы, Езус сказаў: праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
У сённяшнім урыўку з Евангелля Езус радуецца, бо Яго вучні даверыліся Яму, прынялі Яго вучэнне і ласку. Яны адважыліся ўвайсцi ў сяброўства з Богам, якое Ён прапанаваў усім. Нішто не напаўняе Езуса большай радасцю, чым нашая гатоўнасць прыняць Яго – давяраць таму, чаму Ён вучыць, і ісці туды, куды Ён вядзе.
Езус называе сябе «ціхім і пакорным сэрцам». Яго глыбокая пакора праяўляецца ў тым, што Ён не ставіць сябе вышэй за іншых, а наадварот – становіцца слугой для ўсіх. Ён не баіцца ахвяраваць сваім жыццём і прысвяціць увесь свой час людзям, асабліва найменшым, бедным і адрынутым.
Як навучаў папа Францішак, сімвал сэрца ўказвае нам на любоў Езуса Хрыста. Менавіта на гэтае Сэрца мы ўскладаем сваю надзею. Мы хочам прысвяціць Хрысту сваё жыццё і навучыцца жыць паводле вялікай запаведзі любові.
Прыклад Езуса запрашае нас да шчырага дыялогу з Творцам і пошуку сапраўднай духоўнай глыбіні. Калі апошні раз я пытаўся ў Бога, як магу стаць бліжэйшым да Яго?
Прыняць Яго навуку азначае не проста слухаць, але і дзейнічаць, давяраючы Ягонай мудрасці больш, чым уласным сілам. Як я магу ўжо сёння ўзяць на сябе Яго любае ярмо і пайсці за Ім?
Звяртацца да Езуса як да «ціхага і пакорнага сэрцам» азначае прымаць Яго вучэнне як шлях любові да Бога і да ўсіх нашых братоў і сясцёр.Сэрца Езуса, на Цябе ўскладаю сваю надзею і давер!
кс. Кірыл