Здавалася б, усе мы – веруючыя людзі, усе атрымліваем ад Бога падобныя дары. Але ці кожны з нас можа аздараўляць хворых, выганяць злых духаў, ачышчаць пракажоных? Чаму мы не ўмеем усяго гэтага?
Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: «Наблізілася Валадарства Нябеснае». Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае, ні торбы ў дарогу, ні дзвюх вопратак, ні сандаляў, ні кія. Бо варты працаўнік сваёй стравы. У які б горад ці вёску вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце. А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго. Калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго. Калі ж не будзе годны, то спакой ваш вернецца да вас.
Улада, дадзеная Хрыстом, распаўсюджваецца не толькі на свет матэрыяльны, намацальны, але і на свет духоўны. Мы можам вылечыць духоўна «хворага», падказаўшы належныя лекі ад хваробы граху; ачысціць духоўна «пракажонага», дапамагаючы справіцца са спакусай ці залежнасцю; можам уваскрасіць духоўна «памерлага», паказаўшы яму шлях да Хрыста.
Але ёсць яшчэ пэўная ўмова. Перш чым буду мець уладу аздараўлення, ачышчэння ці ўваскрашэння, я павінен ісці і абвяшчаць, што наблізілася Валадарства Нябеснае. А каб абвяшчаць, трэба самому ў гэта верыць і самому ісці да гэтага Валадарства.
Каб Валадарства Божае наблізілася, трэба будаваць яго вакол сябе – быць чалавекам, які не толькі ведае нешта пра Хрыста, але і сам ведае Яго асабіста, жыве ў лучнасці з Ім. Тады Валадарства Божае пашыраецца вакол мяне і становіцца бліжэйшым для іншых. Але што канкрэтна я магу зрабіць для гэтага ўжо сёння?
Слова нам падказвае, як карыстацца дадзенай Богам уладай аздараўлення, ачышчэння і ўваскрашэння. Не варта браць з сабою ў дарогу ні вопраткі, ні сандаляў, ні кія – гэта значыць цалкам давяраць Хрысту, разлiчваць не на свае здольнасцi, а на Яго сiлу. Але ці гатовы я адкінуць людскiя «падстрахоўкі» і зрабіць гэты крок поўнага даверу?
Няхай Бог дапаможа нам сёння наблізіцца да Яго і быць яшчэ бліжэй. Няхай Ён паспрыяе таму, каб мы распаўсюджвалі Валадарства Божае вакол сябе і набліжалі яго да іншых. Няхай дапаможа ўбачыць плады аздараўлення, ачышчэння і ўваскрашэння ў душах нашых бліжніх. І няхай дадасць нам адвагі цалкам Яму даверыцца – спадзявацца толькі на Яго, а не на ўласныя здольнасці ці заслугі.
кс. Павел Ярашэвіч