Часам нам могуць не падабацца пэўныя правілы. Можа здавацца, што яны нас абмяжоўваюць, пазбаўляюць свабоды. Што яны старамодныя і ніхто ўжо так не жыве. Што яны ўвогуле неабавязковыя.
Езус сказаў сваім вучням: Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць. Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё. Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным.
Хрыстос заклікае нас да захавання закону. Ён кажа пра яго важнасць і абавязковасць: «Пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё». Акрамя таго, Ён сам дае прыклад: прыходзіць не змяніць ці адмяніць, а выканаць закон. Хрыстос найперш сам яго выконвае, а ўжо потым і нас запрашае да гэтага.
«Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным». Гэта заклік не толькі да выканання, але і да навучання. А найлепшае навучанне здзяйсняецца праз прыклад жыцця і ўласнае сведчанне.
Хрыстос не змяняе і не адмяняе закон – Ён выконвае яго дасканала. А часам нават «падымае планку»: «Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. А Я вам кажу: не адплачвайце злому» (Мц 5, 38-39).
Адзін старэйшы святар калісьці казаў: «Не важна, падабаюцца табе запаведзі ці не, яны ёсць». Парушэнне запаведзяў – гэта грэх, а грэх і ў Афрыцы грэх. Ці заўсёды я прымаю запаведзі як абавязковыя да выканання правілы жыцця?
Выконваць Божыя запаведзі прасцей, калi разумеш, што гэта не забароны і абмежаванні, а падказкі – тое, што дапамагае, а не перашкаджае. Гэта як правілы дарожнага руху: яны прыдуманы не для таго, каб абмяжоўваць нас, а каб уратаваць нашае жыццё і навесці на дарозе парадак. Ці адчуваеш, што Бог клапоціцца пра цябе праз запаведзі?
Няхай прыклад Хрыста дапаможа нам у захаванні закону. Няхай Бог дасць сілы для змагання са спакусамі і дадасць разумення, што запаведзі патрэбныя мне самому, а не прыдуманыя, каб перашкаджаць. Можа, тады мы самі навучымся жыць згодна з законам, а праз гэта навучым і іншых таму, што гэта магчыма.
кс. Павел Ярашэвіч