Нясмачна есці недасоленую ежу. Некамфортна знаходзіцца там, дзе не хапае святла. Так і ў жыцці: калі не быць соллю зямлі і святлом свету – будзе нясмачна і няўтульна.
Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям. Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме. Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
Быць соллю зямлі і святлом свету – гэта не запрашэнне, а заданне. Нельга быць «крыху» салёным. «Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе?» Соль надае смак і ратуе ад гніення. Яна можа выклікаць боль, трапляючы на рану, але і здольная лячыць.
Быць святлом свету – значыць свяціць заўсёды, навучаючы ў час і не ў час. Гэта значыць называць зло злом, а дабро – дабром. Не крытыкаваць, а паказваць шлях да выпраўлення, да перамены жыцця і пераходу ад цемры да святла.
У адносiнах з людзьмi часта ўзнiкае спакуса прамаўчаць, не звярнуць увагі. Падумаць: «Ці мне больш за ўсіх трэба?», «Абы было ціха». Але такая пазіцыя не адпавядае хрысціяніну. Я не толькі ведаю, як паступіць правільна, але і жадаю навучыць гэтаму іншых. Ці не баюся я быць соллю зямлі і святлом свету?
Таксама важна памятаць, каб навучанне адбывалася з любоўю, без асуджэння і крытыкі. Я называю зло злом не таму, што хачу пакрыўдзіць чалавека, а таму, што жадаю яму дабра і з любоўю перасцерагаю яго. Мая мэта – дапамагчы, а не проста асудзіць. Але як менавiта я ажыццяўляю гэтае заданне Хрыста кожны дзень?
Быць соллю зямлі і святлом свету цяжка, а часам і балюча, бо не заўсёды мяне зразумеюць і адкажуць удзячнасцю. Але без солі і святла жыццё ператворыцца ў прэсныя прыцемкі, дзе не відаць ні выйсця, ні сэнсу. Я навучаю, называю рэчы сваімі імёнамі і высвятляю праўду не таму, што я «таксічны» і мне ўсё не падабаецца, а таму, што люблю і жадаю дабра.
кс. Павел Ярашэвіч