Калі я адчуваю сябе шчаслівым? Калі ў мяне ўсё добра, калі я ў бяспецы, калі задаволены тым, што адбываецца наўкола. Ці праўдзівае гэтае шчасце? Можа, шчасце хаваецца ў нечым большым?
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі.
Восем благаслаўленняў – евангельская дарога да сапраўднага шчасця, такога, што не праміне праз дзень, не знікне, калі з’явяцца перашкоды ці цяжкасці. Гэта канкрэтныя крокі да майго збаўлення, а не апісанне стану, у якім я павінен знаходзіцца. Шчасце не ў тым, каб быць убогім ці плачучым, шчасце – бачыць у гэтым шлях да неба.
Убогі духам – гэта той, хто разумее, што сам, без Бога, не зможа збавіцца. Засмучаны плача па сваіх грахах, якімі крыўдзіць Бога. Лагодны – не скоры да гневу ці асуджэння іншых грэшнікаў, бо ўсведамляе, што і сам грэшны. Прагнучы справядлівасці – той, хто перадусім шукае справядлівасці Божай.
Міласэрны чалавек чыніць дабро ўсім, нават уласным крыўдзіцелям. Чысты сэрцам ставіцца да ўсіх з любоўю і дабрынёй, бо не носіць у сабе нянавісці і злосці. Міратворац мае мір унутры, таму клапоціцца пра яго вонкі, чыніць дабро і гэтым стараецца прыпадобніцца да Бога.
Не заўсёды проста ісці гэтай дарогай, дарма што яна і вядзе да майго шчасця. Ці звяртаюся я ў цяжкія хвіліны да Бога з просьбай аб дапамозе і дары разумення, або папросту наракаю: «Чаму менавіта я?», «За што мне гэта?» Ці бачу ў гэтых прыступках да вечнага шчасця схаваны сэнс і магчымасць для ўнутранага ўзрастання?
Найбольш складана пагадзіцца з тым, што пераслед, мучаніцтва і несправядлівае асуджэнне з’яўляюцца шчасцем. Але і не варта бачыць у гэтым фізічныя пакуты. Сапраўднае выпрабаванне – гэта вернасць Хрысту ва ўсім, нават у найдрабнейшым учынку ці выбары. Ці імкнуся я заўсёды дзейнічаць так, як Езус?
Божа, дапамажы мне разумець гэтыя восем благаслаўленняў як Тваё персанальнае запрашэнне да вечнага шчасця. Гэтая дарога выглядае няпростай і доўгай, але хачу верыць, што з Табою змагу годна па ёй крочыць, бо вынік таго, безумоўна, варты.
кс. Павел Ярашэвіч