Калі мяне запрашаюць у госці, то перш за ўсё думаю, ці будзе мне выгодна, ці спадабаецца, ці атрымаю я нешта з гэтага. Яшчэ магу думаць пра таго, хто запрашае, пра тых, з кім правяду час.
Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.
Бог глядзіць у сэрца чалавека і кліча таго, каго захоча сам. Яму няма справы да абставін, у якіх чалавек знаходзіцца. І кожнае такое пакліканне – гэта запрашэнне да асабістага навяртання, прычым з канкрэтнай падтрымкай ад Бога. Ён не толькі кліча ў падарожжа, але і дапамагае ў ім. Калі прымаю Яго запрашэнне, згаджаюся на цудоўную кампанію.
«Ідзі за Мной» – гэта заклік не толькі да святароў ці кансэкраваных асоб, ён датычыць кожнага чалавека. І калі Хрыстос кліча мяне за Сабою, то не важна, дзе знаходжуся, чым займаюся. Важна – як я адкажу на гэтае запрашэнне.
Касцёл – гэта не збор дасканалых, ідэальных, бязгрэшных вернікаў. Гэта супольнасць звычайных людзей са сваімі грахамі, памылкамі і слабасцямі, людзей, якія шукаюць дапамогі ў Хрыста і прагнуць змяніць сваё жыццё. Варта пра гэта памятаць.
У сённяшнім Слове бачу, як адказаў на пакліканне Хрыста Мацвей: не губляючы часу, ён ідзе за Езусам і запрашае Яго ў сваё жыццё напоўніцу, знаёміць са сваімі блізкімі і калегамі. Ці адчуваю я, як Хрыстос кліча мяне за Сабою? Што адказваю на гэта?
Калі Бог кліча мяне, то не глядзіць на тое, які я цяпер. Ён бачыць, якім я змагу стаць, калі адкажу «так» і вырушу з Ім у дарогу. Бог запрашае пайсці за Ім таго, каго абірае сам, нават калі навакольным людзям і самім абраным здаецца, што яны гэтага не вартыя. Ці не думаю часам і я, што не варты крочыць за Хрыстом?
Божа, адкрый маё сэрца на Тваё запрашэнне, каб не пабаяўся ісці за Табою. Будзь побач, каб я разумеў, што ў гэтай дарозе ніколі не застануся адзін. Дай мне сілы змагацца са сваімі слабасцямі і грахамі, дапамажы штодня адчуваць Тваю падтрымку і любоў.
кс. Павел Ярашэвіч