Калі гаворка заходзіць пра шчодрасць, мы часта хочам выразіць яе ў грашовым эквіваленце. Чым даражэйшы падарунак, тым ён важнейшы. Чым больш аддам, тым больш мне будуць удзячныя. Ці заўсёды гэта так?
Езус сказаў народу, навучаючы: Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і прывітанні на рынках, і першыя лаўкі ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і напаказ доўга моліцца, атрымаюць найцяжэйшы прысуд. І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.
Заўсёды важнай з’яўляецца інтэнцыя, з якой я раблю дар: што хачу даць і для чаго. Якая сапраўдная мэта гэтага дару: каб насамрэч дапамагчы ці, можа, каб мяне заўважылі і пахвалілі, або проста каб выканаць абавязак ці ўвогуле каб адчапіліся?.. Навошта я гэта раблю – вось пра што нельга забывацца.
Ахвяра і дапамога: якімі яны могуць быць? Напрыклад, чалавеку, які просіць каля магазіна грошы на хлеб, магу даць некалькі рублёў, а магу даць свой час: самастойна набыць прадукты і прынесці, запытацца, пагутарыць, падтрымаць. Адкрытае сэрца і час бываюць нашмат даражэйшыя за грошы.
Калі думаць пра тое, што можна ахвяраваць Богу, можа ўзнікнуць вобраз скарбонкі, куды кладу грошы ў касцёле. Але сэнс не ў гэтым. Галоўнае, што я магу аддаць Богу – мая малітва, праца, цярпенні і няўдачы, поспехі і памылкі, дасягненні і пройгрышы. Што я сёння паспрабую ахвяраваць Богу?
Чалавеку таксама можна ахвяраваць не грошы. Магу даць яму свой час і паразмаўляць з ім. Магу ахвяраваць свае рукі і дапамагчы канкрэтным учынкам: напрыклад, прыбрацца ў пакоі, прынесці прадукты, перасунуць канапу. Магу проста падараваць сваю ўсмешку – ёсць моманты, калі гэта можа стаць найкаштоўнейшым падарункам. Як я магу сёння ахвяравацца іншаму?
Божа, дапамажы мне аддаваць Табе і маім бліжнім усё, што маю, са шчырым сэрцам. Не дзеля пахвалы ад людзей, не напаказ, не для пазбаўлення ад абавязкаў ці для «галачкі». Хачу рабіць дабро дзеля самога дабра, не чакаючы адплаты, бо Ты так навучаеш. Пане, усё, што маю і перажываю зараз, ахвярую Табе, і хай мая ахвяра будзе Табе прыемнай.
кс. Павел Ярашэвіч