Як у жыцці, так і ў Святым Пісанні часам сустракаюцца моманты, якія не можам адразу зразумець. Да такіх фрагментаў ці сітуацый варта ставіцца з адкрытым сэрцам і звяртаць увагу на шырокі кантэкст.
Адказваючы, Езус казаў, навучаючы ў святыні: Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда? Сам жа Давід сказаў ў Духу Святым: Пан сказаў Пану майму: сядзь праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае. Сам Давід называе Яго Панам; то як жа Ён можа быць ягоным сынам? І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
У сённяшнім Евангеллі Хрыстос адказвае на пытанне кніжнікаў і фарысеяў, якія ўпэўненыя, што Месія павінен быць з роду Давіда ў прамым – генеалагічным – сэнсе слова. Езус жа паказвае ім наступны, вышэйшы узровень: Месія як той, каго сам Давід называе сваім Панам, паказваючы Яго Боскую годнасць.
Фарысеі і кніжнікі бачылі ў Месія грамадскага лідара, які адбудуе іх дзяржаву, вызваліць ад рымскага прыгнёту і верне свабоду. Хрыстос паказвае Месію як Божага Сына, Збаўцу і Адкупіцеля, які прыйшоў не столькі змяніць палітычны ўклад Ізраіля, колькі ўратаваць увесь свет.
Часам і я бачу ў Хрысце не таго, кім Ён ёсць на самой справе. Называю Яго здольным філосафам, настаўнікам народу, лекарам, цудатворцам, але забываюся, што Ён – Месія, Збаўца свету. Божы Сын, які Сваёй крывёю змыў грахі і правіны мае і ўсяго свету. Ці ўсведамляю я, кім у поўні з’яўляецца Хрыстос?
Вартасць слоў Хрыста добра паказвае народ, які слухае Яго з задавальненнем і чыстымі намерамі і чакае ў Яго навучанні адкрыцця ад Бога, чакае збаўлення. Не так слухалі Езуса фарысеі, якія задавалі падступныя пытанні, каб падлавіць Яго і пасля абвінаваціць. А як стаўлюся да слоў Хрыста я? Чаго чакаю ад іх?
Божа, дапамажы мне слухаць Цябе з адкрытым серцам. Прагну зразумець тое, што хочаш мне сказаць Ты, а не абмежаваныя інтэрпрэтацыі ўласнага розуму. Прамаўляй да мяне, хай Тваё Слова прасякне мяне, паселіцца ў маім сэрцы і штодня змяняе на лепшае.
кс. Павел Ярашэвіч