Людзі шмат часу аддаюць на тое, каб падтрымаць сваё цела ў належным выглядзе: сочаць за харчаваннем, падлічваюць калорыі, набываюць рыштунак для заняткаў спортам. А колькі часу я аддаю сваёй душы?
Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі нечы брат памрэ і не пакіне жонцы дзяцей, яго брат павінен ўзяць ягоную жонку і аднавіць патомства для брата свайго. Было сем братоў. Першы ажаніўся і, памершы, не пакінуў патомства. Тады ажаніўся з ёю другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю. Езус адказаў ім: Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? Бо, калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як Анёлы ў нябёсах. А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, дзе мова пра куст, як Бог прамаўляў да Яго, кажучы: Я — Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба. Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых. Таму вы моцна памыляецеся.
Калі я думаю пра ўваскрасенне з памерлых, то часам спрабую ўявіць, як гэта будзе: якім я ўваскрэсну, у якім выглядзе і ўзросце, пазнаю сваіх блізкіх ці не. Гэта падаецца вельмі важным, але галоўнае тут – сам факт: я ўваскрэсну! Побач з Богам, у небе – вось што сапраўды важна, а выгляд, узрост становяцца неістотнымі.
Добра было б працаваць над станам сваёй душы хоць у палову той сілы, з якой клапачуся пра цела. Якую карысць здабуду, калі за жыццё ні разу не захварэю, буду спартыўным, у добрай форме, а душу сваю загублю, знішчу яе грахамі, злом, здрадай, абыякавасцю… З чым стану тады перад Богам?
Добрым прыкладам клопату пра душу і ўваскрасенне з'яўляецца апякун сённяшняга дня – св. Караль Луанга, мучанік з Уганды. Калі яго прыгаварылі да спальвання жывым, ён не толькі не адрокся ад Хрыста, але падтрымліваў сваіх паплечнікаў і заклікаў катаў да навяртання і пакаяння.
Мы ўсе калі-небудзь уваскрэснем, але для чаго: для вечнай радасці і быцця з Богам у небе ці для вечнага асуджэння ў пекле? Гэта залежыць ад даволі кароткага, у параўнанні з вечнасцю, часу майго зямнога жыцця. Як жыву, так і ўваскрэсну. Што раблю, тое і атрымаю. Якой мерай мераю, той і мне будзе адмерана. Ці ўсведамляю я гэта?
Верны спосаб дайсці да сустрэчы з Богам без страху – памятаць пра вечнасць штодня. Не адкладаць пакаянне і навяртанне на потым, не чакаць старасці, каб пачаць маліцца і прыступаць да сакрамэнтаў, не марнаваць сілы толькі на часовае, але рыхтавацца да вечнасці ўжо цяпер. Якім чынам я магу сёння зрабіць крок да Пана?
Божа, дай мне сілы і жаданне імкнуцца да Цябе. Дапамажы мне ўсвядоміць, што зямное жыццё мае сваё завяршэнне, і за брамай смерці мяне чакаеш Ты, поўны міласці Нябесны Айцец. Хачу любіць Цябе праз усё жыццё, хачу памятаць пра Цябе і цалкам давяраць Табе, каб сустрэча з Табой поўнілася не бояззю, але радасцю і любоўю.
кс. Павел Ярашэвіч