У жыцці здараюцца сітуацыі, калі пачынаю думаць: што зрабіць, каб нікога не абразіць, каб усім спадабацца. Асабліва часта такія думкі ўзнікаюць, калі мяне спрабуюць паставіць у невыгоднае становішча.
Паслалі да Езуса некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Езуса: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва навучаеш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць? А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, кажа ім: Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець. Прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады Езус сказаў ім: Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу. І дзівіліся з Яго.
У любым выпадку галоўнае – захоўваць вернасць Богу, імкнуцца аддаваць Яму належнае і дзейнічаць згодна з Яго воляй, Яго законам, Яго словам. Калі Бог будзе на першым месцы, то ўсё астатняе акажацца на адпаведным. Калі я стараюся чыніць па-Божаму, то і іншыя законы парушаць не мушу.
Калі хачу быць справядлівым, то аддам іншым тое, што ім належыць. Аддаю цэзару цэзарава не таму, што баюся пакарання, а таму, што так будзе правільна перад Богам. Напрыклад, аплачваю праезд у транспарце не са страху перад штрафам, а таму, што не хачу парушыць запаведзь «Не крадзі».
У нашым жыцці няма нічога бясплатнага, за ўсё хтосьці заплаціў. За праезд – дзяржава грашыма падаткаплацельшчыкаў, за маё збаўленне – Хрыстус Сваёй уласнай крывёю. Аддаючы цэзару цэзарава, а Божае – Богу, праяўляю ўдзячнасць і справядлівасць. Пра што я думаю, калі сустракаюся са спакусай не аддаваць належную плату?
Што я магу аддаць Богу? Праведнасць. Пакору. Любоў. Імкненне адказваць на зло дабром, на крыўду – прабачэннем.
Што магу аддаць «цэзару»? Адказнае карыстанне агульнымі дабротамі: ахайнасць і парадак наўкола, аплата падаткаў, выкананне грамадскіх абавязкаў. Быць сумленным хрысціянінам – гэта значыць быць таксама сумленным грамадзянінам.
Божа, дапамажы мне бачыць у выкананні дзяржаўных і грамадскіх законаў выкананне і Тваёй волі. Вучы мяне захоўваць вернасць Табе нават у найменшых дробязях штодзённага жыцця. Паспрыяй мне, Пане, прымаць рашэнні і дзейнічаць з любові да Цябе, а не са страху перад якім-кольвечы пакараннем, каб я мог жыць праведным жыццём перад Табой і светам.
кс. Павел Ярашэвіч