Штодня я карыстаюся тым, што мне не належыць: грамадски транспарт, будынкі, паркі, навакольны свет з яго маляўнічымі краявідамі… Ці адчуваю ўдзячнасць за гэта? Ці не стаўлюся да гэтага як да данасці?
Езус пачаў гаварыць да першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын у прыпавесцях:
Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў давіла ў ім і пабудаваў вежу, аддаў яго вінаградарам і з’ехаў. А ў адпаведны час паслаў да вінагарадараў слугу, каб той ўзяў у вінаградараў частку ўраджаю вінаградніку. Але яны схапілі яго, збілі і адаслалі ні з чым. Ён зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму разбілі галаву і зняважылі. Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша. І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі прэч з вінаградніку. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён пойдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых.І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. І, адпусіўшы Яго, адышлі.
Заўжды важна цаніць не толькі сам дар, але перш за ўсё – яго Даўцу. Асабліва калі гаворка ідзе не толькі пра супольнае дабро чалавецтва, а пра дар збаўлення, які дадзены мне без усялякіх заслугаў. Не мае сілы, не грошы ці ўчынкі гэта здзейснілі, а сам Хрыстос. І каб атрымаць гэты дар, мушу жыць згодна з Яго вучэннем, быць паслухмяным Яму, каб не занядбаць магчымасць трапіць у Нябеснае Валадарства.
Падчас прачытання сённяшняга Слова можа не даваць спакою думка: як маглі спадзявацца на спадчыну вінаградары, калі не з’яўляліся спадкаемцамі, а сапраўднага наследніка забілі? Замест таго каб паслухмяна выконваць свае абавязкі, яны паддаліся пысе і хцівасці.
Мне давераны ў карыстанне дар збаўлення, я не з’яўляюся яго гаспадаром, уладальнікам, тым больш – аўтарам. Не варта прысвойваць тое, што ад мяне не паходзіць. Хачу памятаць пра Таго, дзякуючы каму магу разлічваць на вечнае жыццё.
Як бы я ні стараўся, як бы ні працаваў над сабою, без дапамогі Хрыста збаўлення мне не дасягнуць. Я не раз спатыкнуся, упаду, падману, здраджу, усё пакіну. Хрыстос жа – Той, хто заплаціў за мой грэх Сваёй крывёю, Ён зноў і зноў падасць збаўчую руку і павядзе за Сабою. Ці адкрыты я на гэта?
Часам здаецца, што збавіцца немагчыма, што Валадарства Божае недасяжнае для мяне. У такія моманты варта памятаць, што насамрэч шлях вядомы і зразумелы: слухаць Божае Слова і жыць згодна з ім. Не трэба прыдумляць новых спосабаў збавіцца, пазбягаць складаных момантаў, бо мне ўсё дадзена ў Хрысце. Толькі Яго ласка дапаможа дасягнуць неба.
Божа, асвятлі мой розум, каб я змог усвядоміць праўду, што без Хрыста не змагу збавіцца. Без Яго дапамогі, без Яго крыжовай ахвяры гэта немагчыма. Прашу, Пане, памнож ува мне веру і спадзяванне на Цябе, каб я змог разам з Табою перамагчы ўсе спакусы і з удзячнасцю прыняць шчодра дадзеныя Табою ласкі.
кс. Павел Ярашэвіч