Ці ёсць у маім жыцці чалавек, у любові якога я ўпэўнены? Каб я гэта заўважыў і адчуў, ён мусіць нейкім чынам гэтую любоў праяўляць. А па чым людзі, якіх люблю я, могуць гэта спазнаць?
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Любоў часцей за ўсё запрашае да ўзаемнасці, чакае станоўчага адказу, поўнага прыняцця і шчырага наследавання. Таямніца Божай любові выяўляецца ў незразумелым для чалавека ўчынку: Бог не пашкадаваў Свайго Сына, каб я меў вечнае жыццё, каб быў збаўлены. Гэта праява наймацнейшай любові, на якую наўрад ці здатны чалавек.
Аддаць жыццё свайго дзіцяці за іншага чалавека – мабыць, такое выпрабаванне не вытрымае ніхто з бацькоў. Яны будуць хутчэй гатовыя аддаць уласнае жыццё, каб выратаваць дзіця, не пашкадуюць ні намаганняў, ні сродкаў для гэтага. Але добраахвотна ахвяраваць сваё дзіця – па-чалавечы немагчыма.
«Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13). Такая Любоў не павінна заставацца без адказу. Нават калі не магу даць вартага адказу, у любым выпадку, абыякавым заставацца таксама нельга. Ці задумваўся пра цану свайго адкуплення? Ці ўсведамляю, наколькі важным, каштоўным, любімым я з’яўляюся для Бога?
Як я магу адказаць на такую Любоў? Адзіным вартым адказам будзе – любіць. Езус кажа мне любіць нават ворагаў і тых, хто мяне ненавідзіць, але калі гэта яшчэ не ўдаецца, можна пачаць любіць хаця б тых, хто побач са мной: сваю сям'ю і сяброў, калег па працы ці вучобе. Ці хачу паспрабаваць сёння не адказваць крыўдай на крыўду, злом – на зло?
Божа, дапамажы мне не быць абыякавым да Тваёй любові. Дакраніся да майго сэрца, каб я заўважаў і адказваў на яе ў штодзённым жыцці – не на словах, не ў планах ці намерах, а праз учынкі, хай нават найменшыя і незаўважальныя: праз добрыя словы і ўсмешку, праз прабачэнне і спагаду. Дай мне ласку штодня быць сведкам Тваёй любові.
кс. Павел Ярашэвіч