У кожнай жыццёвай сітуацыі я маю выбар: зрабіць так, як будзе прасцей, ці так, як робяць усе, ці так, як будзе выгадней, ці, можа, так, як ад мяне чакаюць… Выбар ёсць заўжды.
Езус з вучнямі зноў прыйшоў у Ерузалем. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны і пыталіся ў Яго: Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу, каб рабіць гэта? Езус адказаў ім: Запытаюся ў вас пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта. Хрост Яна быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне. Яны разважалі паміж сабою: Калі скажам «з неба», то Ён скажа: Чаму ж вы не паверылі яму? А калі скажам «ад людзей»? Яны баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам, таму сказалі ў адказ Езусу: Не ведаем. Тады Езус сказаў ім: I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.
Езус вучыць мяне, што заўсёды неабходна дзейнічаць ці казаць згодна з уласным сумленнем, па-Божаму правільна. Нават калі у моманце здаецца, што не ведаю, як адрэагаваць ці што выбраць, варта зазірнуць у глыбіню сваёй душы: там ужо ёсць той самы, правільны, адказ. Ён можа мне не падабацца, быць цяжкім у выкананні ці патрабаваць шмат высілкаў, але калі ён згодны з Ісцінай, ён – правільны.
Вельмі шмат увагі я аддаю таму, што пра мяне падумаюць людзі, або што скажуць, як будуць ставіцца. Часта ў сваіх штодзённых выбарах я кіруюся менавіта гэтымі фактарамі. Але значна важнейшым з'яўляецца тое, што падумае пра мяне Бог, бо менавіта з Ім я сустрэнуся па сканчэнні свайго жыццёвага шляху.
Калі мушу прыняць нейкаеважнае рашэнне, ці раюся я з Богам, ці супастаўляю свой выбар з Ягоным законам? Ці задаю сабе пытанне: “Што на гэта скажа Бог?”
Бог ёсць дарога, праўда і жыццё. Ён не чакае маіх памылак, каб пакараць за іх, ці ахвяр, каб злітавацца. Ён прагне толькі маёй адкрытасці на Яго волю, каб праз мяне рабіць гэты свет лепшым. Менавіта ў Ім крыніца сілы, каб супрацьстаяць асуджэнню, высмейванню і кпінам. Дапамога мая ў імені Пана, які стварыў неба і зямлю. Ці веру я ў гэта?
Божа, будзь сёння побач са мной, каб я мог дзейнічаць згодна з сумленнем. Падтрымай мяне ва ўсіх добрых учынках, асабліва калі буду баяцца, што гэта вышэй за мае сілы. Хачу слухаць Цябе і чыніць згодна з Тваім словам, каб не быць асаромленым навекі. У Табе, Пане, мая сіла і моц.
кс. Павел Ярашэвіч