Мы просім Бога аб чымсьці і спадзяёмся, што будзем пачутыя. Але часам давяраем не да канца, з-за чаго атрымліваецца сітуацыя, якую можна апісаць прымаўкай «і Богу свечка, і д’яблу агарак».
Калі натоўп усклікаў да Езуса, Ён увайшоў у Ерузалем, у святыню, агледзеў усё і адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён згаладаў. Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. Тады Езус сказаў ёй: Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду. І Ягоныя вучні чулі гэта. Калі прыйшлі ў Ерузалем, Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Ён папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі, і не дазваляў нікому праносіць праз святыню хоць нейкую прыладу. Потым вучыў іх, кажучы: Хіба не напісана: дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў? А вы зрабілі яго пячорай злачынцаў. Пачулі гэта кніжнікі і першасвятары і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму.
Калі настаў вечар, яны выходзілі з горада. А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. Тады Пётр успомніў і сказаў Яму: Настаўнік, паглядзі: смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла. Езус сказаў ім у адказ: Майце веру ў Бога. Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары: Падыміся і кінься ў мора, — і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, то будзе яму. Таму кажу вам: верце, што атрымаеце ўсё, чаго просіце ў малітве, і станецца вам. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя.
Сёння хачу паразважаць пра тое, ці не ўспрымаю я Бога як своеасаблівы «аўтамат» з цудамі, ці на самой справе веру, што Бог можа споўніць просьбу, з якой да Яго звяртаюся. Адказ на мае малітвы залежыць не ад іх колькасці або абяцанняў, а ад шчырай веры ў тое, што Бог можа гэта зрабіць і зробіць, калі будзе на тое Ягоная воля.
Бог заўсёды чуе, калі да Яго звяртаюся. Ён Сам ведае пра маю патрэбу яшчэ да таго, як гэта асэнсую. Адзінае, што варта зрабіць – адкінуць сумненні і цалкам даверыцца Яму, як гэта зрабіла Найсвяцейшая Панна Марыя, пачуўшы словы арханёла Габрыэля: «Бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 37).
Час ад часу мне можа здавацца, што Бог не чуе мае малітвы, не спаўняе просьбаў, не задавальняе патрэбы. Ці не сумняюся я ў тым, што Бог прагне для мяне найлепшага? Або, можа, наадварот, празмерна разлічваю на Бога і марную Ягоную дапамогу на тое, што мог бы зрабіць і сам, прыклаўшы невялікія намаганні?
Мне не трэба пераконваць Бога ў тым, што Ён мусіць мне нешта даць, не трэба прапаноўваць нешта наўзамен ласкі, якую прагну атрымаць. Калі патрэба насамрэч існуе, а мая вера дастаткова моцная, то Бог – раней ці пазней – удзеліць мне неабходнае. Магчыма, не так, як я гэта сабе ўяўляю, можа, не тады, калі гэтага чакаю. Але Ён усё чуе. Ці веру ў гэта?
Божа, дапамажы мне не сумнявацца ў Тваёй усемагутнасці. Вучы мяне, як ласкавы айцец – малое дзіця, не патрабаваць, а прасіць тое, што так прагну атрымаць для сябе ці таго, за каго малюся. Дай мне ласку цярплівасці і ўдзячнасці, каб чаканне толькі распальвала маё сэрца. Пане, веру, што для Цябе няма нічога немагчымага.
кс. Павел Ярашэвіч