Сёння магу ўявіць, як Езус запрашае мяне памаліцца разам з Ім і апосталамі. І цудоўна, што я магу звярнуцца да Бога ў любую хвіліну майго дня. Магу зрабіць малітву няспыннай.
Потым Езус пайшоў з імі на месца, званае Гетсэманія, і сказаў вучням: «Сядзьце тут, а Я адыду і памалюся там». І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць трывогу. Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце разам са Мною». І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты». Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною? Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое». І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая».
Хрыстос не ўтойвае таго, што ідзе маліцца – часам у адасабненні, «у пустынным месцы», а іншым разам бярэ з сабой Апосталаў. Наўрад ці Ён нудзіцца на размове з Айцом. Мне здараецца прыснуць ці адчуць нуду на малітве. У пэўным сэнсе гэта па-чалавечы зразумела, з другога боку, узнікае пытанне, ці ўсведамляю моц і важнасць малітвы. Па прыкладзе Езуса варта прысвячаць сілы і час размове з Богам.
Падчас сустрэчы з Айцом Хрыстос прадстаўляе Яму сваё бачанне сітуацыі. Пры гэтым Ён дадае вельмі важныя словы: не Мая, але Твая воля няхай споўніцца. Тым самым паказвае свой бязмежны давер да Бога.
Хрысціянская, каталіцкая традыцыя малітвы вельмі багатая і прапануе шмат варыянтаў звароту да Бога. Форма мае дапамагаць нам выразіць прагненні сэрца, просьбы і падзякі. Як выглядае мая малітва ўнутры і звонку?
З Богам, маім Айцом я магу гаварыць аб усім, што мяне хвалюе і што радуе, што выклікае пытанні – магу ўсё прадставіць Яму на малітве. Аб чым і як я малюся?
Бог рады, калі я звяртаюся да Яго. У гэтым сэнсе, кожная малітва з’яўляецца добрай. З другога боку, як размова патрабуе ўвагі і жадання, так і малітва вымагае маёй ініцыятывы і сілы.
Ойча, вучы мяне звяртацца да Цябе ў любой справе. Пакажы, што ва ўсім добрым, што раблю, у кожнай шчырай малітве ўжо ёсць Ты, як крыніца ўсяго добрага ўва мне.
кс. Юрый Медушэўскі