Сёння я магу ўявіць сябе разам з Апосталамі ў дарозе, а наперадзе ідзе Езус. У пэўным моманце Ён кліча нас да сябе і пачынае з намі размаўляць, гаворачы канкрэтна і без недамовак.
Калі вучні былі ў дарозе і падымаліся ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны ж дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што павінна з Ім здарыцца: Вось мы падымаемся ў Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам. І будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць Яго, а на трэці дзень Ён уваскрэсне. Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі: Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім. Ён адказаў ім: Што хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны сказалі Яму: Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй. Але Езус сказаў ім: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны? Яны адказалі: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч і леваруч Мяне — не ад Мяне залежыць, а каму прыгатавана. І, пачуўшы, дзесяць іншых вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Апосталаў асаблівым чынам Езус рыхтуе да галоўнага дзеяння ў Місіі ратавання кожнага з нас – смерці на крыжы і ўваскрасення. Яны ж не чуюць Хрыста, занятыя жаданнем улады і багацця. Яны хочуць быць першымі і абураюцца адзін на аднаго, калі не атрымліваецца. Не заўважаюць, што Езус хоча зрабіць для іх. Каб падобнага не здарылася ў маім жыцці – варта вучыцца заўважаць, што Бог робіць для мяне.
Магчыма, Якуб і Ян не да канца ўсведамляюць, аб чым просяць Езуса і на што пагаджаюцца, калі выражаюць гатоўнасць піць Яго келіх і прыняць хрост, які Ён хутка прыме. Аднак Хрысту гэта не перашкаджае – Ён бачыць іх сэрцы і гаворыць «Так». Гэтак жа пранікліва Бог глядзіць і на мяне.
Уяўленне, што я стаю сярод вучняў і Езус звяртаецца і да мяне, можа дапамагчы мне ўсвядоміць Яго рэальную прысутнасць у маім жыцці, канкрэтнае знаходжанне побач, тут і цяпер. Якіх слоў і дзеянняў я чакаю ад Хрыста ў маёй сённяшняй сітуацыі? Ці ўмею паглядзець на маё жыццё ў кантэксце вечнасці?
Кожны дзень я выконваю пэўныя абавязкі, будую адносіны з іншымі людзьмі і не толькі. Ці задаю сабе пытанне аб слушнасці маіх разнастайных спраў?
Бог хоча даць мне паўнату жыцця, якой патрабуе маё сэрца. Яна не залежыць ад месца, якое я займаю ў маім асяроддзі, у тым ліку касцёльным. У Божым Валадарстве ўсе месцы будуць першымі, таму варта імкнуцца да згоды і еднасці, каб супольна ісці праз жыццё да Неба.
Божа, дапамажы мне заўважаць Тваю ласку, Твой клопат аб маім жыцці. Навучы быць удзячным за тое, што атрымліваю.
кс. Юрый Медушэўскі