Сутнасць выбару ў тым, што абіраючы нешта адно, мы ў пэўным сэнсе адмаўляемся ад чагосьці іншага. Гэта датычыць розных сфер жыцця, у тым ліку духоўнай.
Пётр пачаў казаць Езусу: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Езус жа адказаў: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым часе — жыццё вечнае. Але шмат першых будзе апошнімі і апошніх — першымі.
Апосталы пытаюць Езуса, што атрымаюць за тое, што паследавалі за Ім. Пайшоўшы за Хрыстом, яны захавалі вельмі прыземленае мысленне і мелі сваё разуменне багаццяў Божага Валадарства. Езус жа вучыць, што няма сэнсу параўноўваць матэрыяльныя каштоўнасці з Небам. Ужо тут, на зямлі, маючы досвед унутранага супакою і радасці, мы можам адчуць, наколькі лепш будзе ў Раі, тварам у твар з Богам.
Кожны з нас сутыкаецца з выбарам не толькі паміж негатыўным і добрым, але і паміж добрым і лепшым. Варта выбіраць і дзейнічаць на славу Божага Валадарства. Не шкадаваць і верыць, што Бог не застанецца ў даўгу. Ён адорыць мяне неабходным у зямным жыцці і яшчэ большымі ласкамі ў вечным.
Сёння магу задумацца, ці ёсць штосьці, што перашкаджае мне рабіць штодзённыя выбары на карысць святасці. Інакш кажучы, чым альбо ...кім я не гатовы ахвяраваць на карысць Божага Валадарства?
Напэўна, я не раз чуў пра Неба. Ці ўзгадваю пра яго ў маёй штодзённасці? Як я ўяўляю сабе Неба?
Матэрыяльны дабрабыт і здароўе, праца і магчымасць адпачынку – гэта добрыя і неабходныя рэчы для мяне. Адначасова ўсё, што я маю ў зямным жыцці, з’яўляецца толькі інструментам у крочанні да Неба. Варта карыстацца ім мудра, каб усё гэта было дапамогаю, а не перашкодаю.
Божа, дай мне яснасць сэрца і розуму, каб я ўмеў рабіць выбары, якія набліжаюць да Цябе мяне і маіх бліжніх.
кс. Юрый Медушэўскі