Сёння я магу паразважаць над роляй Марыі ў маіх адносінах з Езусам. Задумацца, ці прысутнічае Багародзіца ў іх будаванні.
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. 3Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха 10і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Марыя заўважае праблемы ў маім жыцці, як убачыла іх на вяселлі ў Кане. Будучы чулай маці, Яна не затрымліваецца на гэтым этапе, а спачувае і шукае рашэння – звяртаецца да Езуса. Пры гэтым Марыя не паказвае Хрысту, што Ён павінен рабіць, а толькі просіць. Далей гаворыць са слугамі і заахвочвае іх да паслухмянасці, паказваючы, што Езус вырашыць праблему найлепшым і наймудрэйшым спосабам.
Віно ў Бібліі – гэта сімвал радасці. Калі яно знікла, прыйшлі Марыя і Езус. У выніку радасць вярнулася і стала лепшай – больш глыбокай і трывалай. Варта прасіць Хрыста аб дары радасці ў будаванні адносін з Ім. Гэта дазволіць мне ісці за Божай воляй без прымусу, а з уласнага выбару, як некалі вучні.
Ведаю, што Марыя прысутнічала ў жыцці вучняў свайго Сына. Яны таксама трымаліся каля Яе, асабліва пасля ўваскрасення Хрыста. Як я стаўлюся да Багародзіцы?
Марыя адносіцца да мяне з мацярынскай любоўю і цяплом. Магчыма мне цяжка гэта ўявіць, па розных прычынах. Ці веру, что Марыі важна, каб я атрымаў неабходныя ласкі ад Езуса?
Нябёсы – блізкасць з Богам і адчуванне шчасця з гэтай нагоды – пачынаюцца на зямлі. Божай воляй з’яўляецца маё знаходжанне ў гэтым стане ўжо сёння, тут і цяпер.
Айцец, дапамажы мне разумець Тваю волю і атрымліваць радасць у яе выкананні. Пакажы, што Ты хочаш для мяне найлепшага і дапамажы адкрыць таленты, якімі Ты надзяліў мяне.
Кс. Юрый Медушэўскі