Магчыма, ёсць справы і сітуацыі, якія я перажываю, не давяраючы Богу, і шукаючы рашэнні ў рэчах, якія не прыносяць супакой сэрца. У чым я хаваюся ад Створцы?
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Па розных прычынах мы закрываем дзверы душы для Бога. Напрыклад, пасля прыкрасці з боку людзей – перажываючы яе сам-насам. Верагодна, так спрабавалі рабіць апосталы. Аднак Езусу гэта не перашкаджае прыйсці да мяне сёння, як адбылося і тады. Апосталы абрадаваліся прыходу Хрыста. Важна, і мне не ўцячы ў момант сустрэчы з Ім, а застацца на месцы і пачуць абяцанне пра Суцяшыцеля.
Бог заўсёды прыходзіць і суцішае нас. З унутраным супакоем можна цвяроза паглядзець на кожную сітуацыю ў маім жыцці і мудра вырашыць яе. Варта прасіць аб Божым супакоі і дзяліцца ім з іншымі – словамі, маёй пазіцыяй і дзеяннямі.
Праз балючы жыццёвы досвед, асабліва ў дзяцінстве, нам бывае складана адкрывацца як перад другім чалавекам, так і перад Створцай. Аднак без шчырасці нельга пабудаваць блізкія адносіны. Ці хаваюся я ад Бога? Чаму?
Як калісьці з Апосталамі, гэтак і цяпер Езус ведае, што я перажываю. Ён ведае, якія словы могуць супакоіць мяне. Магчыма, Хрыстос хоча сказаць іх мне праз малітву, можа праз нейкую сітуацыю альбо вуснамі другога чалавека. Я хачу пачуць іх?
Нашае жыццё поўнае розных здарэнняў і часта патрабуе ад нас канкрэтных выбараў. Бывае, у нас ёсць магчымасць падумаць, а калі-нікалі трэба прыняць хуткае рашэнне. У абодвух выпадках супакой сэрца можа дапамагчы выбраць дабро і праўду.
Божа, дапамажы мне шукаць твой супакой і захоўваць яго. Навучы дзяліцца ім з братамі і сёстрамі.
Кс. Юрый Медушэўскі