Амаль усе мы жывем ў супольнасці і створаны так, што патрабуем адзін аднаго. Як я адношуся да дапамогі з боку іншых людзей? Як прымаю яе?
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях, і сказаў: Пане, хто той, які Цябе выдасць?Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: Пане, а ён што?Езус кажа яму: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною.І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І мы ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Для Бога мы ўсе індывідуальнасці. Ён хоча з кожным будаваць асабістыя адносіны. Можа здарыцца так, што, каб вырашыць нейкія справы, я захачу замяніць умацаванне кантакту з Хрыстом на дапамогу чалавека, які, на маю думку, мае больш цесны кантакт з Богам. Альбо пачну асуджаць людзей за тое, што яны не жадаюць жыць з Усявышнім. І ў гэты момант Езус кажа: што табе да таго? Ідзі за Мною...
Не варта асуджаць другога чалавека. Таксама перад тым, як нешта раіць, неабходна ўмацаваць уласныя адносіны з Богам. Пісанне кажа, што калі сляпы вядзе сляпога – абодва зваляцца ў яму (Лк 6, 39).
Варта памятаць, што Бог ужо прысутнічае ў маім жыцці. Я не заўсёды адчуваю Яго, але магу прыпамінаць сабе тыя моманты, калі выразна дасведчыў Божай дабрыні і апекі. Якія я маю спосабы ўмацавання адносін з Усявышнім?
Калі я буду займацца маімі адносінамі з Богам, то зразумею, чаму не варта ацэньваць людзей навокал. Магу сёння спытаць сябе, ці, гледзячы на бліжняга, не шукаю нагодаў, каб асудзіць яго?
Езус звяртаецца да мяне асабіста, кліча па імені. Адказваючы і збліжаючыся да Яго, я выражаю веру ў тое, што Хрыстос так жа павядзе ўсіх, хто дарагі майму сэрцу.
Божа, Ты дзейнічаеш у маім жыцці, нават калі я не заўважаю гэтага. Дзякую Табе. Дапамажы мне памятаць, што мы ўсе у тваіх найлепшых руках як любячага Айца.
Кс. Юрый Медушэўскі