Любоў, каханне з’яўляюцца аднымі з самых папулярных тэм у мастацтве: літаратуры, жывапісе, музыцы, кіно. Часта мы гаворым аб іх ў паўсядзённым жыцці і абмяркоўваем у сацсетках.
Калі Езус з’явіўся cваім вучням і снедаў разам з імі, сказаў Сымону Пятру: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Той адказаў Яму: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Езус кажа яму: Пасі ягнят Маіх.Зноў кажа яму другі раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Ён адказаў: Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе? Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх.І кажа яму трэці раз: Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго “ці любіш ты Мяне?”, і сказаў: Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.Езус кажа яму: Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш.А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: Ідзі за Мной!
Недастаткова адзін раз і назаўсёды адказаць «так» на пытанне «Ці любіш?», «Ці кахаеш?». Любоў праяўляецца штодня. Напрыклад, праз добрае слова ці ўсмешку з раніцы. Часам такія маленькія жэсты могуць падавацца неважнымі, а іх выкананне надакучыць. Аднак нездарма Езус тройчы пытаецца ў Пятра пра любоў. Атрымаўшы пазітыўны адказ, дае заданне: пасі авечак маіх – значыць, апякуйся даверанымі Табе.
Каб існаваць любоў патрабуе выражэння. Як і вера яна мёртвая без учынкаў. Я не змагу выконваць запаведзь любові выключна ў думках. Варта пазнаваць, якіх праяваў любові чакае другі чалавек, а якія жэсты важныя для мяне самаго. А таксама вучыцца праяўляць свае цёплыя пачуцці.
Карысна час ад часу задумацца, чым для меня з'яўляецца любоў. Магчыма праз такую рэфлексію я адкрыю, што па нейкіх прычынах не атрымаў досведа любові і сёння мне цяжка перайсці ад тэорыі да практыкі. Дык… Як я разумею любоў?..
Варта ўзгадаць, калі апошні раз я паказваў сваю любоў другому чалавеку. Праз якія ўчынкі я гэта рабіў?
Толькі праз любоў магчыма прыпадобніцца да Хрыста. Людзі побач з намі найлепш зразумеюць, што мы з’яўляемся хрысіцянамі, калі будзем адносіцца да іх – з любоўю. Гэта значыць праяўляць цярпенне, уважлівасць і дабрыню.
Божа, навучы мяне прымаць і выражаць любоў. Пакажы, дзе мне не хапае яе, якія раны перашкаджаюць любіць і быць любімым. Дазволь дасведчыць тваёй любові ў паўсядзённасці.
Кс. Юрый Медушэўскі