Цудоўна, што я магу памаліцца да Бога падчас працы ці на вучобе, адпачываючы альбо ноччу. Гэтак жа добра прысвяціць малітве асобны час. Як я маліўся сёння? Ці шукаў Бога ў сваіх малітвах?
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
Майсей, каб сустрэцца з Богам, падымаўся на гару – сімвал Божай прысутнасці. Падчас малітвы важна ўсведамляць, што Створца знаходзіцца побач са мной тут і цяпер. Гэта дапамагае адпачыць ад зямных спраў і паглядзець вакол сябе па-Божаму. Калі я малюся, дзе мае мае вочы і сэрца?
Малітва – гэта не заданне, якое неабходна выканаць. Перадусім яна з’яўляецца праявай маіх адносін з Богам. Праз малітву Бог можа уліваць спакой і радасць у маё сэрца, даваць яснасць розуму. Асабліва ў складаны перыяд, каб я не быў толькі прыгнечаным перажываннем праблем, але бачыў прыгажосць неба.
У Дзеях апосталаў Павел кажа, што Бог «недалёка ад кожнага з нас. Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём» (Дз 17, 27-28). Дзе знаходзіцца Бог для мяне?
Для Бога няма такой сферы майго жыцця, у якую Ён не мог бы ўвайсці. Ён не саромеецца нічога ўва мне. Ці я сам стараюся знайсці кантакт з Богам? Ці адкрываюся Яму?
Створца заўсёды чуе мяне. Як сапраўдны любячы Айцец, Ён выслухоўвае мяне і дае намнога больш, чым прашу.
Божа, Ты заўсёды робіш першы крок да чалавека. Пакажы мне сваю любоў. Дай убачыць тваю прысутнасць ва ўсім, што мяне акружае.
Кс. Юрый Медушэўскі