Езус моліцца за сваіх вучняў. Я таксама магу звярнуцца да Бога з заступніцкай малітвай у інтэнцыі і блізкіх, і незнаёмых мне людзей – за іх справы і выклікі.
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.
Даручаючы кожнага вучня Божаму Провіду, Хрыстос дае прыклад бязмежнага даверу Айцу. Езус не прадстаўляе Яму свайго бачання жыцця тых, у інтэнцыі каго моліцца. Ён просіць, каб кожны з вучняў выканаў сваё пакліканне і каб усе яны захавалі адзінства. Аб чым я прашу Бога?
Планаванне з’яўляецца чымсьці натуральным і неабходным. Разам з тым не ўсё залежыць ад нас. Варта свае планы давяраць Божаму Провіду: распавядаць пра іх, пытацца, ці ўсё раблю правільна, з любоўю і прасіць аб падтрымцы. Наколькі я давяраю Божаму вадзіцельству ў маім жыцці?
Родныя, сябры, калегі, незнаёмыя людзі – кожны мае свае перажыванні і пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Ці ў маіх зваротах да Бога я малюся аб патрэбных ласках для людзей вакол мяне?
Магу ўспомніць мае апошнія малітвы за іншых. Якімі яны былі? Аб чым я прасіў Бога для бліжняга?
Варта не саромецца і не ленавацца звяртацца да Бога з асабістымі справамі і справамі маіх блізкіх. Бог жадае дапамагаць нам ў штодзённасці. Як нам неабходна ўзаемная падтрымка, гэтак жа, а нават больш мы патрабуем адчуваць Айцоўскую прысутнасць Бога. У што я гатовы ўпусціць Бога сёння? Што мне складана даверыць Яму?
Божа, навучы адкрываць Табе тое, што мяне хвалюе.
кс.Юрый Медушэўскі