Амаль у кожнага з нас могуць узнікаць пытанні аб тым, хто я, навошта я тут і куды імкнуся. Магчыма яны хвалююць цябе сёння. Спрабуй скіраваць іх да Бога.
Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.
Шукаючы адказы на гэтыя фундаментальныя пытанні, я знаходжу сваё пакліканне. Езус хоць меў Божую і чалавечую натуры, таксама праходзіў шлях адкрыцця і ўсведамлення свайго Божага Сыноўства. Ён таксама патрабаваў пачуць ад Айца словы: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Мк 1, 11). Пасля прасіў аб дапамозе ў выкананні Айцоўскай Волі і змог застацца да канца ў сваёй Місіі Збаўлення.
У чым я знаходжу пацвярджэнне маёй вартасці і своеасаблівае праслаўленне: у Богу ці ў зямных рэчах – працы, адносінах, знешнім выглядзе ці дабрабыце? Гэта ўсё патрэбныя часткі майго жыцця, толькі непастаянныя. Сэрцу кожнага з нас неабходныя нязменлівыя крыніцы унутранай радасці і спакою.
Патрэба ў павазе і любові з’яўляецца адной з базавых для чалавека. Так нас стварыў Бог. І разам з тым узнікаючыя пытанні аб сэнсе жыцця гавораць аб патрэбе ўкаранення сваёй вартасці ў кімсьці, чыя любоў да мяне пастаянная – у Богу. Чыёй славы больш хачу я: Божай альбо людской?
Бог ведае мяне: бачыць здольнасці і таленты, якімі мяне надзяліў, бачыць мой тэмперамент і характар. Варта звяртацца да Яго з пытаннем аб маім пакліканні.
Я з’яўляюся Дзіцём Бога. Ён мяне хацеў, бачыў мяне ў гэтым свеце і жадае весці праз жыццё. Бог хоча ўбачыць мяне ў Нябеснай Айчыне. Гэта нязменлівая крыніца вартасці кожнага з нас.
Божа, дапамажы мне памятаць аб маёй славе ў Табе. Веру, што Ты дапаможаш мне перажыць цяжкія і крызісныя моманты майго жыцця.
Кс. Юрый Медушэўскі