На чым я хачу грунтаваць маю веру ў Бога? Вучням было дастаткова ўбачыць у Хрысце ўсёведнага. Сам жа Езус кажа, што без асабістых адносін з Ім, ніякія цуды не змогуць захаваць веры ў чалавеку.
Вучні сказалі Езусу: Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці. Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты выйшаў ад Бога.Езус адказаў ім: Цяпер верыце? Вось надыходзіць гадзіна і ўжо надышла, што вы рассеецеся кожны ў свой бок, а Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет.
Яна паходзіць спаза нас, я не магу прышчапіць веру сам сабе. Адначасова яна з’яўляецца працэсам, які патрабуе маіх дзеянняў: штодзённых выбараў на яе карысць і паглыблення яе праўдаў. Ці задумваюся, што развівае маю веру, а што яе памяншае?
Жывая сувязь з Богам як з канкрэтнай Асобай, якая звяртаецца да мяне і да якой магу звярнуцца я, – гэта глеба, у якой вера расце і ўкараняецца. Калі я не імкнуся да будавання адносін з Богам, а шукаю толькі задавальнення маіх жаданняў, то ў моманце праблем і цярпення – я магу ўцячы ад веры.
У мяне ёсць магчымасць прасіць Бога, каб Ён даў знак сваёй прысутнасці ў маім жыцці. Якога доказу сапраўднасці я чакаю ад Езуса?
Варта спытаць сябе, кім для мяне ёсць Езус? Ці веру, што Ён з’яўляецца Богам, якому блізкія справы маёй штодзённасці? Ці веру, што, адкрываючы вобраз Бога, магу знайсці спакой сэрца?
Трываючы ў адносінах з Хрыстом, які існуе сёння, тут і цяпер, я змагу перажыць усе цяжкасці і штодня жыць у любові Яго Валадарства.
Божа, дапамажы адкрыцца Табе, адчуць, як Ты першы робіш крок насустрач. Пакажы сваю дабрыню і блізкасць да мяне і да кожнага чалавека.
Кс. Юрый Медушэўскі