Сёння я бачу, як Езус звяртаецца да Айца, чую Яго малітву і Яго прагненні. Якія інтэнцыі і просьбы да Бога маю я?
Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету. Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.
Езус, размаўляючы з Айцом, паказвае нам цудоўны прыклад малітвы аб адзінстве. Разрозненасць і сёння з’яўляецца адной з найбольшых ранаў хрысціянства. Гэтак жа еднасць паміж вучнямі Хрыста была і застаецца прыкметай следавання Яго навучанню. Важна ўсведамляць, што ад мяне таксама залежыць справа адзінства паміж людзьмі.
Раздзяляй і валадар – гэта логіка, якой кіруецца злы дух. Я магу паддавацца ёй, напрыклад, адкідаючы другога чалавека і не жадаючы выслухаць, ігнаруючы яго патрэбы, задавальняючы толькі мае. Яшчэ я магу абіраць логіку раздзялення, адлучаючы веру ў Бога ад маёй штодзённасці.
Справа адзінства хрысціян і ўсіх людзей у свеце непасрэдна датычыць таксама мяне. Нават калі я думаю інакш. Еднасць складаецца з выбараў кожнага чалавека, а значыць і маіх. Яшчэ са здольнасці выйсці па-за сябе. Што я стараюся рабіць для адзінства ў тых супольнасцях, у якіх Бог мяне паставіў: у сям’і, на працы, сярод сяброў, у парафіі?
Што я раблю на карысць адзінства? Еднасці спрыяе малітва, праз якую Бог можа перамяняць маё мысленне, і будуюць яе ўчынкі. Напрыклад, уменне прасіць і прымаць прабачэнне. Гэта даступныя для кожнага спосабы спрыяння адзінству.
Без крока насустрач адзін аднаму няма еднасці, а без яе няма Божага Валадарства. Калі прабачэнне ці просьба аб ім падаюцца мне немагчымымі, я магу звярнуцца да Бога па дапамогу. Ён з’яўляецца крыніцай усяго добрага ў нас і напэўна падтрымае ў добрых памкненнях.
Божа, зрабі мяне здольным паядноўвацца з тымі, хто побач са мной. Навучы маліцца аб адзінстве і запрашаць Цябе ў мае штодзённыя справы.
Кс. Юрый Медушэўскі