Сітуацыя на працы, складанасці ў адносінах з людзьмі і з самім сабой, падзеі ў свеце – кожны з нас мае розныя прычыны для трывогі. Што мяне хвалюе больш за ўсё?
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце. Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу? Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І ад гэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі. Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам. Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго.
Бог стварыў чалавека для супрацоўніцтва з Ім, Найвялікшай Любоўю. Таму трывалы супакой сэрца я магу знайсці, толькі трымаючыся Бога. Напрыклад, робячы выбары, згодныя з перакананнямі маёй веры. Езус сёння запрашае мяне ісці ў Яго Валадарства дарогай праўды – перад самім сабой, Богам і людзьмі. У гэтым праяўляецца паўната жыцця веруючага.
Як Філіп, я магу патрабаваць ад Хрыста следавання майму бачанню: «пакажы нам Айца, і хопіць нам». Тым самым, абмяжоўваючы Божы План збаўлення ў маім жыцці. Але таксама я магу абраць іншую перспектыву: расказаць Богу аб маіх прагненнях, марах і паслухаць Яго адказ...
Што для мяне значыць паўната жыцця? Які сэнс я ўкладваю ў гэтае паняцце? Варта прасіць Бога паказаць праўду пра мяне самаго, пра мае намеры і прагненні, пра адносіны з іншымі людзьмі.
Ці заўсёды я кіруюся Праўдай у сваіх выбарах? Ці звяртаюся да Бога па падтрымку ў прыняцці рашэнняў?
Без Езуса – як Дарогі, Праўды і Жыцця няма шляху ў неба. І пачынаецца яно ўжо тут, на зямлі – у радасці і спакоі сэрца, у надзеі, веры і любові.
Айцец, дапамажы перажываць трывогі і клопаты, давяраючы Твайму Провіду, Тваёй прысутнасці ў жыцці маім і існаванні ўсяго Сусвету. Дапамажы паверыць, што Ты жадаеш для мяне найлепшага.
Кс. Юрый Медушэўскі