Як я ўспрымаю радасць і смутак у маёй штодзённасці? Ці гатовы прымаць і радасць, і плач?
Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць.
Жанчына, калі нараджае, смуткуе, што прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіцё, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.
Езус сёння запрашае мяне да перажывання радасці, якая вынікае з працы на карысць Божага Валадарства. Радасці, якая можа быць звязана таксама з цярпеннем. Ён жадае быць са мной побач, тут і цяпер, у кожнай жыццёвай сітуацыі, як быў поруч са сваімі вучнямі 2000 гадоў таму. Хоча рабіць гэта, сярод іншага, праз сваё Слова.
Цяжкасці з'яўляюцца часткай шляху кожнага з нас. Каб перажываць іх з карысцю, варта бачыць іх пэўную натуральнасць і не заставацца з праблемамі сам на сам. Гэта дапаможа захоўваць удзячнае сэрца ў любой сітуацыі.
Выбары, якія даюць мімалётнае шчасце і не грунтуюцца на хрысціянскіх і ўніверсальных каштоўнасцях, не прынясуць сумленню трывалы супакой і радасць, не дададуць патрэбнай упэўненасці ў заўтрашнім дні. Да чаго я больш імкнуся ў штодзённасці – да мімалётнага «шчасця» альбо да грунтоўнай працы на карысць Божага Валадарства?
Кожны мой выбар мае наступствы – для мяне, людзей побач і нават для тых, каго не ведаю. Ці імкнуся я сваімі думкамі, словамі, дзеяннямі пашыраць Божае Валадарства ўжо тут, на зямлі?
Не існуе веры і жыцця без выпрабаванняў і цяжкасцей. Езус адкрыта тлумачыў гэта сваім вучням. Разам з тым Хрыстос запэўніваў, што падрыхтаваў для іх у вечнасці тое, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула» (1 Кар 2, 9). Датычыць гэта ўсё і нас.
Божа, навучы мяне з даверам прымаць радасці і смуткі майго жыцця. Дапамажы трываць у Табе незалежна ад абставінаў.
Кс. Юрый Медушэўскі